Заканадаўства

Заканадаўства, нарматывы, праграмы ў галіне сельскай гаспадаркі ў Беларусі

Закон аб экалагічнай сельскай гаспадарцы, магчыма, не з’яўляецца прынцыповым для развіцця экалагічнага земляробства ў Беларусі, хаця ў шмат якіх краінах, у тым ліку на постсавецкай прасторы, такі закон ёсць (Грузія, Малдова, Эстонія, Украіна) або яго збіраюцца прыняць (Расія).

Нягледзячы на адсутнасць заканадаўчай базы для экалагічнай сельскай гаспадаркі, Беларусь падпісала і ратыфікавала шэраг міжнародных дакументаў, якія, згодна з беларускім заканадаўствам, з’яўляюцца законамі і ў межах нашай краіны. Шмат якія з гэтых дакументаў могуць быць падмуркам для практычных дзеянняў па ўкараненні экалагічных метадаў гаспадарання. У першую чаргу гэта заканадаўства ў галіне ўстойлівага развіцця.

Разгледзім некаторыя дакументы, што датычаць аграрнага сектара эканомікі Беларусі.

Нацыянальная Стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г. (НСУР) вызначае “стратэгічную мэту ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь як дынамічнае павышэнне ўзроўню дабрабыту, узбагачэнне культуры, духоўнасці народа на аснове інтэлектуальна-інавацыйнага развіцця эканамічнай, сацыяльнай і духоўнай сфер, захаванне навакольнага асяроддзя для цяперашніх і наступных пакаленняў”. Экалагічная сельская гаспадарка найлепшым чынам адпавядае гэтай мэце, як і мэце развіцця аграпрамысловага комплексу ў доўгатэрміновай перспектыве – “фарміраванню эфектыўнай канкурэнтаздольнай, устойлівай і экалагічна бяспечнай аграпрамысловай вытворчасці, якая адпавядала б сусветнаму ўзроўню і забяспечвала б харчовую бяспеку краіны”. Аднак для дасягнення гэтых мэт плануецца павялічыць інтэнсіфікацыю аграрнай вытворчасці, хаця і адзначаецца, што інтэнсіфікацыя мусіць быць адаптыўнай, біяарыентаванай і не выклікаць супярэчнасцяў паміж чалавекам і прыродай. Плануецца і развіццё геннай інжынерыі для селекцыі раслін і жывёл [1].

У главе 4.2.6 “Укараненне сучасных экалагічна бяспечных тэхналогій” рэкамендуецца шырэй ужываць біялагічныя сродкі абароны раслін, безадвальную апрацоўку пашы, выкарыстоўваць прынцыпы пермакультуры, гэта значыць, па сутнасці, метады экалагічнай сельскай гаспадаркі. Гэты тэрмін у дакуменце не ўжываецца, але некаторыя палажэнні адпавядаюць прынцыпам экалагічнай сельскай гаспадаркі, напрыклад:

“Важнае значэнне мае ўкараненне пермакультурных тэхналогій у сельскагаспадарчую вытворчасць з падтрыманнем аптымальнага балансу паміж жывёлагадоўляй і раслінаводствам, рацыянальнае выкарыстанне хімічных угнаенняў, паступовае адмаўленне ад ужывання пестыцыдаў з пераходам на біялагічныя сродкі абароны раслін, з захаваннем біяразнастайнасці і аднаўлення натуральнай урадлівасці глеб.

Краіна павінна развіваць сельскую гаспадарку за кошт шырокамасштабнага асваення рэсурса- і энегразберагальных тэхналогій, павелічэння ў энергабалансе долі мясцовых энерганосьбітаў, другасных энергарэсурсаў прадпрыемстваў, распрацоўкі і ўкаранення ў сельскагаспадарчую вытворчасць машын і абсталявання, якія выкарыстоўваюць энергію сонца, ветру, вады, нізкапатэнцыйнага цяпла зямлі і жывёл, азону, холаду, біягазу і іншых узнаўляльных крыніц”.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 4 студзеня 1999 г. № 226-З (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.05.2002 № 99-З) рэгулюе зямельныя адносіны і скіраваны на рацыянальнае выкарыстанне і ахову зямель, раўнапраўнае развіццё разнастайных форм гаспадарання на зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, абарону правоў на зямлю суб’ектаў зямельных адносін [2].

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 25 снежня 2005 года “Аб ахове раслін”, які ўступіў у сілу ў ліпені 2006 г., дзяржава ажыццяўляе кантроль у галіне абароны раслін ад хвароб і шкоднікаў. Усе сродкі абароны раслін павінны быць унесены ў Дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін (пестыцыдаў) і ўгнаенняў, дазволеных да прымянення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

“Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001 – 2005 гады. Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.”. У сферы экалогіі ў гэтым дакуменце ставяцца задачы захавання прыродных рэсурсаў для патрэб наступных пакаленняў, аднаўленне ўрадлівасці глеб, захаванне як расліннага, так і жывёльнага свету і экалагічнай раўнавагі [3] .

На сённяшні дзень у галіне аграпрамысловага комплексу выконваюцца 12 дзяржаўных праграм. Пры разглядзе гэтых дакументаў робіцца відавочным, што на дзяржаўным узроўні экалагічная сельская гаспадарка не разглядалася як істотны элемент аграрнага сектара эканомікі.

Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 – 2010 гг.” прынятая Загадам Прэзідэнта 25.03.2005 № 150 [4]. Па-ранейшаму плануецца развіваць інтэнсіўную сельскую гаспадарку і адміністратыўныя метады кіравання, крытэрыем з’яўляецца павышэнне вытворчасці і павелічэнне плошчаў, занятых канкрэтнымі культурамі. Акцэнт робіцца на атрыманне максімальных ураджаеў. Толькі ў п. 2.3 – “Павышэнне ўрадлівасці глеб” у якасці аднаго з захадаў згадваецца ўкараненне метадаў “экалагічнага земляробства”. Гэта адзіная згадка гэтага тэрміна ў дакуменце. Для павышэння ўрадлівасці глеб плануецца, разам з павелічэннем ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў (да 1760 тыс.т, не менш за 270 кг дзейнага рэчыва на га пашы) і магутнасці прадпрыемстваў па іх вытворчасці, пашырэнне пасеваў бабовых, выкарыстанне сельскагаспадарчай авіяцыі. Пры гэтым задаюцца паказчыкі павышэння ўнясення мінеральных угнаенняў, якія павінны выконвацца незалежна ад стану глеб і іх патрэб у мінеральных элементах. У гэтым раздзеле няма ні азначэння, ні крытэрыяў урадлівасці глеб, ствараецца ўражанне, што ўрадлівасць ствараецца з дапамогай угнаенняў.

У п. 2.4 “Развіццё раслінаводства” ставіцца мэта “павысіць эфектыўнасць абароны сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля, выкарыстоўваючы ўстойлівыя гатункі і сучасныя экалагічна бяспечныя хімічныя сродкі абароны раслін”. Стварэнне “новага пакалення экалагічна бяспечных сродкаў абароны раслін і жывёл” згадваецца ў якасці прыярытэтнага напрамку фундаментальных навуковых даследаванняў. Пры гэтым экалагічная бяспека можа разумецца ў вельмі шырокім сэнсе. У гэтым раздзеле няма нават згадкі пра біялагічныя метады абароны раслін.

Адным з асноўных напрамкаў прыкладных навуковых даследаванняў называецца “распрацоўка энерга- і рэсурсаэканомных, экалагічна бяспечных тэхналогій рэалізацыі патэнцыялу створаных гатункаў сельскагаспадарчых раслін і парод жывёл”.

Дзяржаўная мэтавая праграма развіця пладаводства на 2004 – 2010 гг. “Пладаводства” [5], прынятая Саветам Міністраў РБ 31 траўня 2004 г., мае на мэце павышэнне вытворчасці пладоў і ягад за кошт далейшай інтэнсіфікацыі агравытворчасці, якая ўключае выкарыстанне гербіцыдаў. Аднак некаторыя элементы больш экалагічна ашчадных тэхналогій усё ж выкарыстоўваюцца: мульчыраванне і здзірваненне замест гербіцыднага папару (мяркуецца знізіць выкарыстанне гербіцыдаў за кошт мульчыравання на 90 – 95%), пераважнае выкарыстанне арганічных угнаенняў, выкарыстанне мінеральных угнаенняў толькі пасля правядзення аграхімічных аналізаў, выкарыстанне сідэратаў. Акрамя таго, у якасці самых лепшых метадаў абароны раслін ад хвароб і шкоднікаў называюцца не хімічныя метады, а арганізацыйна-гаспадарчыя, агратэхнічныя, біялагічныя.

Спасылкі:

  1. Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г. (НСУР-2020)// http://www.rlst.org.by/downloads/raz.zip
  2. Кодекс Республики Беларусь о земле. 4 января 1999 г. № 226-З. Изменения и дополнения: Закон Республики Беларусь от 8 мая 2002 г. № 99-З; Закон Республики Беларусь от 20 октября 2006 г. № 170-З// www.pravo.by
  3. Основные положения программы социально-экономического развития Республики Беларусь на 2001-2005 годы. Основные направления социально-экономического развития Республики Беларусь на период до 2010г. / Сост. М.И. Плотницкий. - Мн.: ООО "Минсанта", 2002. - 111с.
  4. Государственная Программа возрождения и развития села на 2005-2010 годы
  5. Государственная целевая программа развития плодоводства на 2004-2010 годы «Плодоводство». – Минск, 2004. – 56 с.