ЕМ-тэхналогii (тэорыя)

ТЭХНАЛОГІЯ ЭФЕКТЫЎНЫХ МІКРААРГАНІЗМАЎ

Урадлівасць глебы ўтварае “жывое рэчыва”, якое складаецца з міліярдаў глебавых бактэрый, мікраскапічных грыбкоў, чарвякоў і іншых жывых арганізмаў. Глеба багата заселеная мікраскапічнымі істотамі, якасны і колькасны склад якіх залежыць ад тыпу глебы і яе стану. Мікрафлора глебы неабходная для пераводу арганічных злучэнняў у рэчывы, якія спажываюцца раслінамі. У адносна недаступным стане, у выглядзе фосфарарганічных злучэнняў у глебе знаходзяцца запасы фасфатаў, у выглядзе соляў ортакрэмневай кіслаты і алюмасілікатаў знаходзіцца калій, азот уваходзіць у склад складаных арганічных рэчываў перагною і г.д. Каб мабілізаваць азначаныя злучэнні і зрабіць іх даступнымі для раслін, якія вырошваюцца, глебавым мікраарганізмам неабходна скарыстаць усе уласцівыя ім біякаталітычныя сістэмы.

Мікраарганізмы ў глебе адыгрываюць разнастайныя ролі:

дзякуючы вялізнай агульнай паверхні і высокай біяхімічнай актыўнасці яны трансфармуюць глебу і ўдзельнічаюць у працэсах кругавароту N, C, P, S, O, H і іншых элементаў;

ўдзельнічаюць сваёй біямасай у назапашванні арганічнага рэчыва глебы;

садзейнічаюць назапашванню ў глебе біялагічна актыўных рэчываў (БАР), такіх як аўксіны, гіберэліны, вітаміны, амінакіслоты. Гэтыя рэчывы стымулююць рост і развіццё раслін;

ствараюць слізі паліцукрыднай прыроды, прымаюць актыўны ўдзел у фармаванні структуры глебы, склейванні глебавых часцінак у агрэгаты, чым паляпшаюць водна-паветраны рэжым глебы.

У глебе жывуць бактэрыі, актынаміцэты, грыбы, водарасці, лішайнікі, прасцейшыя, але дамінiруюць бактэрыі. Ідэя выкарыстання бактэрый з мэтай паляпшэння росту і развіцця раслін нарадзілася амаль 100 гадоў назад. Мікробныя прэпараты першапачаткова ствараліся з аднаго віду мікраарганізмаў. “Нітрагін” вырабляецца з культуры клубеньчыкавых бактэрый. Для кожнага віду сямейства бабовых гатуецца асобны прэпарат. “Азотабактэрын” – мікробны прэпарат, які змяшчае культуру свабоднаіснуючага азотфіксуючага мікраарганізма роду Azotobacter. Фосфабактэрын – спораствараючая капусная палачка Bacillus megaterium var. phosphaticum. “Субтылін” гатуецца з сеннай палачкі.

Эфектыўныя мікраарганізмы. Склад прэпарату і механізм дзеяння

Зараз значная ўвага надаецца не прэпаратам, якія змяшчаюць адзін актыўны мікраарганізм, а комплексным палібактэрыяльным і паліфункцыянальным мікробным прэпаратам, якія складаюцца з некалькіх дзесяткаў відаў глебавых мікраарганізмаў.

Японскія мікрабіёлагі пад кіраўніцтвам доктара Теруо Хіга ў 80-я гады мінулага стагоддзя стварылі мікробны прэпарат “Кюссей-ЕМ-1”, які вельмі добра зарэкамендаваў сябе ў многіх краінах свету. Прэпарат “Кюссей-ЕМ-1” складаецца з некалькіх дзесяткаў відаў ЭМ (эфектыўных мікраарганізмаў). Агульная колькасць відаў мікраарганізмаў у прэпараце можа быць болей за 80.

Эфектыўныя мікраарганізмы – змяшаная культура карысных мікраарганізмаў, якая выкарыстоўваецца для павелічэння мікробнай разнастайнасці глебы. Папуляцыі ЭМ не прыстасаваныя да актыўнай жыццядзейнасці ў алігатрофным прыродным асяроддзі, належаць да так званай зімагеннай (заквасачнай) мікрафлоры і, пасля ўнясення ў глебу, хутка гінуць.

ЭМ-прэпараты змяшчаюць наступныя асноўныя групы мікраарганізмаў: фотасінтэтычныя бактэрыі, малочнакіслыя бактэрыі, дрожджы, актынаміцэты, ферментуючыя грыбы. Кожная група эфектыўных мікраарганізмаў мае ўласныя важныя функцыі, аднак цэнтрам актыўнасці ЭМ з’яўляюцца фотасінтэтычныя бактэрыі.

Фотасінтэтычныя бактэрыі вырабляюць амінакіслоты, нуклеінавыя кіслоты, біялагічна актыўныя рэчывы (БАР) і цукры, якія садзейнічаюць росту і развіццю раслін. Сінтэзіраваныя рэчывы непасрэдна выкарыстоўваюцца раслінамі, дзейнічаюць як субстраты для бактэрый.

Малочнакіслыя бактэрыі прыгнятаюць развіццё шкодных мікраарганізмаў і паскараюць распад арганічных рэчываў, садзейнічаюць разлажэнню лігніну і цэлюлозы.

Дрожджы сінтэзіруюць антыбіятычныя і карысныя для росту раслін рэчывы.

Актынаміцэты выдзяляюць антыбіятычныя рэчывы, якія прыгнятаюць патагенныя грыбы і бактэрыі.

Ферментуючыя грыбы выпрацоўваюць складаныя эфіры, этылавы спірт і антыбіётыкі, падаўляюць непрыемныя пахі і папярэджваюць заражэнне глебы шкоднымі насякомымі і лічынкамі.

Эксперыментальна ўдалося выявіць, што вызначаныя віды мікраарганізмаў, нягледзячы на розніцу ўмоў жыццядзейнасці, здольныя суіснаваць ў адным асяроддзі ў рэжыме актыўнага ўзаемаабмену крыніцамі жыўлення. Малочнакіслыя бактэрыі вырабляюць малочную кіслату з цукра і іншых вугляводаў, сінтэзіраваных фотасінтэтычнымі бактэрыямі і дражджамі. Дрожджы выкарыстоўваюць амінакіслоты і цукры, якія вырабляюцца фотасінтэтычнымі бактэрыямі і карэннямі раслін. Метабаліты дражджэй – субстраты для эфектыўных мікраарганізмаў накшталт малочнакіслых бактэрый і актынаміцэтаў. Ферментуючым грыбам неабходны арганічныя рэчывы глебы.

Калі ЭМ развіваюцца ў глебах, насельніцтва карыснай мікрафлоры павялічваецца. Мікрабіёта ўзбагачаецца і мікробныя экасістэмы ў глебах аказваюцца добра сбалансаванымі. Патагенныя мікраарганізмы ўвогуле не развіваюцца. Для ўласнага росту эфектыўныя мікраарганізмы выкарыстоўваюць караневыя выдзяленні раслін. Яны ў сваю чаргу забяспечваюць расліны амінакіслотамі, нуклеінавымі кіслотамі, вітамінамі і гармонамі. Такім чынам, ЭМ ствараюць у рызасферы сімбіёз з раслінамі, таму расліны лепш развіваюцца на глебах заселеных эфектыўнымі мікраарганізмамі.

Умовы эфектыўнага выкарыстання ЭМ-прэпаратаў

Трэба заўважыць, выкарыстанне ЭМ-тэхналогіі не заўседы дае жаданы эфект, што звязана са многімі прычынамі. Асноўнай з іх з’яўляецца невыкананне тэхналогій прыгатавання і скарыстання бактэрыяльных прэпаратаў. Наадварот, выкананне самых элементарных агратэхнічных пастулатаў ЭМ-тэхналогіі дапаможа ў дасягненні станоўчых вынікаў:

для паспяховай дзейнасці мікраарганізмаў неабходна прысутнасць у глебе жыўлення ў выглядзе любой арганікі;

натуральная структура глебы лепшым чынам захоўваецца з дапамогай мульчыравання. Структурная глеба характэрызуецца спрыяльным для раслін і глебавай мікрафлоры водна-паветраным рэжымам;

неабходна абмяжоўвацца паверхневай апрацоўкай глебы на глыбіню да 5-10 см. Верхні слой да 8-10 см забяспечвае жыцце аэробных бактэрый, для якіх неабходна паветра. У глыбейшых слаях жывуць анаэробныя бактэрыі, для якіх паветра з’яўляецца згубным. Узворванне з абаротам пласта вядзе да масавай гібелі гэтых бактэрый і, як следства, да паніжэння ўрадлівасці;

ўжыванне мінеральных ўгнаенняў істотна змяняе склад глебавай мікрафлоры, пагаршае біялагічныя ўласцівасці глебы. Большасць элементаў жыўлення існуе ў дастатковых колькасцях нават ў самых бедных глебах. Дзякуючы жыццядзейнасці мікраарганізмаў яны становяцца даступнымі раслінам.

Неабходна дакладна прытрымлівацца ўмоў выкарыстання ЭМ-прэпарату:

унясенне прэпаратаў у глебу ці распыл па раслінам трэба праводзіць раніцай ці пасля дажджу, бо сонечныя праменні згубна дзейнічаюць на мікраарганізмы і могуць панізіць эфектыўнасць прэпарату;

уносіць ЭМ-прэпарат ў глебу пажадана ў цеплае надвор’е, калі тэмпература глебы на глыбіні 10 см дасягае 10°С і вышэй;

апырскванне раслін павінна быць мелкадысперсным, бо вялікія кроплі лёгка скочваюцца з паверхні лісцяў;

у летні перыяд лімітуючым фактарам скарыстання ЭМ-прэпарату з’яўляецца вільготнасць глебы. Таму лепш за ўсе ўносіць ЭМ перад дажджом, па расе альбо ноччу;

эфектыўнасць любых мікробных прэпаратаў павялічваецца пры адначасовым выкарыстанні арганічных ўгнаенняў і выкананні севазвароту.

Практычнае выкарыстанне эфектыўных мікраарганізмаў

ЭМ-прэпараты выпускаюцца ў выглядзе канцэнтрату і знаходзяцца ў ім у стане анабіёзу. З канцэнтрату шляхам актывізацыі мікраарганізмаў гатуецца прэпарат, які іначай называецца асноўным растворам. Якасць прэпарату можа ацэньвацца па яго паху, які павінен быць прыемным і кіслым (кефірна-сіласны пах).

На сенняшні час ЭМ-культура скарыстоўваецца ў выглядзе ЭМ-раствора, бакашы, ЭМ-5, ЭМ-экстракта (ЭМ-FPE), ЭМ-кампоста.

Рабочыя ЭМ-растворы гатуюцца з прэпарату звычайна ў развядзенні 1:100; 1:250; 1:500; 1:1000; 1:2000. ЭМ-раствор – светла-жоўтая ці празрыстая вадкасць з прыемным кефірна-сіласным водарам і кіслым смакам, рН 3,5. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі насення і пасадачнага матэрыялу сельскагаспадарчых культур, паліву ці апырсквання расады ў закрытым грунце і раслін у палявых ўмовах, для прыгатавання ЭМ-кампостаў, ЭМ-ферментаванага расліннага экстракту.

Прадстаўніком прэпаратаў групы ЭМ з’яўляецца бакашы (Bokashi), што ў перакладзе з японскага азначае “ферментаванае арганічнае рэчыва”. Яго атрымліваюць шляхам ферментацыі розных арганічных адходаў (рысавая луска, мука грубага памолу, рыбныя адходы, алейная макуха і г.д.) з ЭМ. Бакашы звычайна выглядае як пудра ці гранулы. Выкарыстоўваецца для паляпшэння глебы шляхам павелічэння мікробнай разнастайнасці і колькасці карысных рэчываў для раслін у глебах. Гатуюць бакашы аэробным і анаэробным спосабамі.

ЭМ-5 – ферментаваная сумесь воцату, этылавага спірту, патакі і ЭМ-прэпарату. Выкарыстоўваецца для апырсквання раслін, каб падавіць хваробатворныя мікраарганізмы і стрымаць шкодных насякомых. Мае перш за ўсе прафілактычнае значэнне.

ЭМ-ферментаваны раслінны экстракт(ЭМ-FPE) гатуецца з свежага пустазелля і ЭМ-прэпарату. Асноўнае дзеянне экстракту – забяспечыць неабходнымі жыўленчымі рэчывамі сельскагаспадарчыя культуры, падавіць хваробатворныя мікраарганізмы, перашкаджаць адмоўнаму ўплыву насякомых-шкоднікаў.

ЭМ-кампост гатуецца з арганікі (гной, пілавінне, пустазелле, кухонныя адходы і інш.), якую ўкладваюць слаямі і ўвільгатняюць ЭМ-растворам. Кожны слой сумесі перад увільгатненнем перасыпаюць зямлёй. Гатуецца кампост двума спосабамі: аэробным і анаэробным. ЭМ-кампост нельга ўносіць непасрэдна на каранёвую сістэму раслін.

Вытворнымі ад серыі ЭМ з’яўляюцца мікрабіялагічнае ўгнаенне “Ургаса”, заквасачны канцэнтрат “Курунга ЭМ”, прэпарат “Тамир” і інш. Некаторыя з іх пакуль што амаль не ўжываюцца ў сельскай гаспадарцы. Аднак у быце яны, а таксама асноўныя прэпараты групы ЭМ, выкарыстоўваюцца досыць шырока.

Прэпарат “Тамир” прызначаны для ўтылізацыі арганічных адходаў, ачысткі каналізацыйных сістэм і стокаў ад тлушчавых адкладаў і засораў, аднаўлення дрэнажу, ліквідавання непрыемных пахаў, а таксама дзеля паскоранай перапрацоўцы ў высокаякасны кампост бытавых і сельскагаспадарчых адходаў.

Скарыстанне ЭМ-тэхналогіі.

З 80-х гадоў ХХ стагоддзя ЭМ-тэхналогія шырока выкарыстоўваецца ў розных краінах свету. У Расіі гэта прагрэсіўная тэхналогія АПК стала ўжывацца з 1998 года.

ЭМ-прэпарат больш за ўсё скарыстоўваецца ў земляробстве, а асабліва ў экалагічнай аграпрамысловасці. З пазіцый ўплыву ЭМ на рост, развіцце і ўраджайнасць раслін вывучаліся збожжавыя, зернебабовыя, тэхнічныя, цукраносныя культуры, гародніна і бульба. Ацэньвалася таксама энергія прарастання насення і яго якасныя паказчыкі. Усё шырэй прэпараты групы ЭМ выкарыстоўваюцца дзеля барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін. У даследваннях атрыманы станоўчыя вынікі.

Эфектыўныя мікраарганізмы ўжываюцца таксама пры перапрацоўцы арганічных адходаў і ў іншых галінах, дзе галоўная мэта – захаванне навакольнага асяроддзя. Фермеры Японіі атрымліваюць добрыя вынікі з ЭМ-прэпаратам пры перапрацоўцы арганічнага смецця накшталт кухонных адходаў, рэшткаў дамашняй гаспадаркі і устаноў харчавання.

ЭМ-тэхналогія ў аранжарэйных комплексах і цяпліцах не толькі стварае спрыяльныя ўмовы для раслін, але і дапамагае зменшыць ужыванне хімічных ўгнаенняў і сродкаў аховы, а таксама абыходзіцца без замены і прапарвання глебы. Такім чынам, апрацоўку глебы ЭМ-прэпаратам разглядаюць як альтэрнатыўную тэхналогію распаўсюджанай практыцы замены і абеззаражвання грунта.

Вядомыя пазітыўныя эфекты скарыстання ЭМ-прэпарату ў розных галінах жывелагадоўлі, харчовай, перапрацоўчай прамысловасці і г.д. Прэпараты на аснове эфектыўных мікраарганізмаў ужываюцца таксама ў якасці прабіётыкаў, якія дадаюць у піццявую ваду і ў корм для жывел, а таксама для знішчэння непрыемных пахаў у адходах жывелагадоўлі і пры перапрацоўцы адходаў на ўгнаенні.

Аграбіялагічная канцэпцыя земляробства ідзе на змену аграхімічнаму падыходу. Мелкая апрацоўка глебы, узбагачэнне яе арганікай, мульчыраванне – важныя складаныя біялагізацыі сельскай гаспадаркі. Становіцца зразумелай выключная роля глебавых мікраарганізмаў у аднаўленні і падтрыманні ўрадлівасці ворных земляў. У гэтым святле тэхналогія эфектыўных мікраарганізмаў, безумоўна, мае вялікія перспектывы развіцця.

Кухто Уладзімір Сяргеевіч, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогіі пладаводства РУП “Інстытут пладаводства”

Падзяліцца: