Агра-культурны фэст: задавальненне попыту на арганічныя прадукты

30 жніўня на пляцоўцы Галерэі Ў кожны жадаючы мог пазнаёміцца з фермерамі і іх натуральнай прадукцыяй.

Ужо стаўшы традыцыйным “Агра-культурны фэст” на пры канцы лета – падзея, што дазваляе пазнаёміцца не толькі з фермерамі і арганічнай прадукцыяй, але і даведацца пра найбольш актуальныя тэндэнцыі ў сферы арганічнай сельскай гаспадаркі.

Калі параўноўваць з першым фэстам, які прайшоў два гады таму, то па словах Ланы Семенас, аднаго з каардынатараў ад установы “Агра-эка-культура”, на гэты год заўважна, што вырасла колькасць фермераў, што прымаюць удзел у мерапрыемстве, мастакоў, што падаюць заяўкі на пленэр, які папярэднічае гэтай падзеі. Таксама да арганізатараў фэсту ў гэтым годзе далучыліся Цэнтра экалагічных рашэнняў і таварыства “Зялёная сетка”, і ўсё больш людзей праяўляюць інтарэс да такой з’явы як арганічныя прадукты і гаспадарка.

Вельмі шмат людзей набываюць арганічныя прадукты. Калі мы запрашалі фермераў на першы і нават на другі фэст, яны амаль усе засталіся з тымі ж прадуктамі, якія яны прывезлі. Людзям, па-першае, было дзіўна плаціць большыя грошы. Можа не было звычкі ці моды. Але зараз я бачу, што вельмі шмат людзей ходзяць з торбачкамі, у якіх прадукты набываюцца“, – кажа Лана.

Гэта можа стаць адным з індыкатараў, што паказвае змяненні ў грамадстве да прадуктаў. Зараз фермеры частку сваёй прадукцыі рэалізуюць і праз інтэрнэт краму, і дастаўляюць дадому заказчыкам. Таксама, як заўважае Лана Семенас, ужо заўважныя змены ў заканадаўстве, распрацоўцы нарматываў і беларускай сертыфікацыі прадуктаў.

Нягледзячы на станоўчыя зрухі ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі, яшчэ застаюцца некаторыя цяжкасці для фермераў, што хочуць вырошчваць натуральныя прадукты. У першую чаргу яны звязаны з фінансамі.

Не ўсе яшчэ ўмеюць добра працаваць, каб мець дастатковы ўраджай. Таксама ў нашай краіне фермеры не маюць ніякай падтрымкі, – зазначае Лана. – У краінах, дзе існуе арганічная сельская гаспадарка, дзяржава дапамагае. Гэта датычыцца штогадовай сертыфікацыі, якая каштуе досыць дорага. У некаторых краінах дзяржава плаціць за яе ці дае палову, а то і 70 адсоткаў. У нас, на жаль, такой практыкі не існуе“.

Яшчэ адной праблемай з’яўляецца доступ да нармальных крэдытаў, каб фермер мог укласці грошы ў гаспадарку. Адсутнасць рынку збыту ці хаця б пасрэднікаў, што дапамагалі б фермерам у рэалізацыі тавараў – таксама маюць уплыў на развіццё галіны.

Па словах Ланы Семенас, калісьці па замове “Экадома” рабілася апытанне людзей наконт таго, дзе б яны хацелі набываць натуральныя і чыстыя прадукты, і вынік апынуўся зусім не дзіўным – большасць схіляецца да таго, каб бачыць такія тавары на паліцах у спецыялізаваных аддзелах самых звычайных крам. Падобная практыка з’яўляецца звыклай у еўрапейскіх і нават украінскіх маркетах.

Гэта ўсё будзе, мы мусім перажыць цяжкасці на пачатку, – аптымістычна заўважае Лана. – Было б вельмі добра, каб калі не дзяржава, то бізнэсоўцы падключыліся і дапамаглі фермерам“.

Хрысціна Чарняўская,

Беларускі Зялёны Партал

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *