Шчасце без датацый

У Мінску прайшоў шосты Агра-Культурны фэст.

У дворыку каля Плошчы Перамогі 9 верасня адбывалася ціхая экалагічная эвалюцыя: сабраліся цікаўныя, аматары і профі, якіх прывяла ў адно месца любоў да арганічных прадуктаў.

Адныя з самых насычаных выходных верасня прыйшлі. Людзі выходзяць насустрач сонцу і 950-годдзю свайго горада, а ў адным з двароў іх чакае Шосты аграэкакультурны фэст.

Яго арганізатары – экалагічная ўстанова “Агра-Эка-Культура”, грамадская арганізацыя “Экадом” і галерэя сучаснага мастацтва “Ў”.

“Гэта фэст для ўсіх, хто цікавіцца сельскай гаспадаркай і шляхам арганічных прадуктаў ад гаспадаркі да стала, раслінамі, якія можна вырошчваць у горадзе і якія можна спажываць”, – кажа вяцоўца прэс-канферэнцыі Кацярына Ганчарова.

Удзельнічаюць гараджане і госці Мінску, шмат дзяцей, лектары, навукоўцы і фермеры.

“Сельская гаспадарка зараз адна з тых галін, якая найбольш атручваюць нашую прыроду”, – апісвае кантэкст дзеі Лана Семенас, адна з арганізатараў фэсту і старшыня праўлення ўстановы “Агра-Эка-Культура”.

Выратаванне – арганічная сельская гаспадарка, якая не прыносіць шкоду. Метады яе накіраваныя на тое, каб максімальна гарманічна ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем, здабываючы сабе харчаванне.

У Беларусі ўжо 30 фермераў з сертыфікатамі арганічных гаспадарак, а задмысловы закон амаль гатовы. Зараз ён у парламенце і ў лістападзе запланаваны яго разгляд на сэсіі. Магчыма, тады яго і прымуць.

Праўда, для вырабу чыстай прадукцыі недастаткова аднаго закона, вельмі істотныя і іншыя фактары. Напрыклад, радыяцыя ці яе адсутнасць. На гэта арганізатары звяртаюць увагу перад экскурсіяй па выставе праекту “Астравец культуры” у галерэі “Ў”.

Чаму міждысцыплінарнасць такая істотная для мастакоў? – задаецца пытаннем мастацтвазнаўца Сафія Садоўская. – Бо мастацтва напрацягу ўсяго ХХ стагоддзя працуе не з канцэпцыяй прыгажосці, а з праблемнымі пытаннямі. Мастаку істотна ведаць праблемныя пытанні”.

Але не ўсё ідэальна ў рэальным свеце:

“Не так шмат удзельнікаў беларускага арт-поля цікавяцца такімі тэмамі, як экалогія і ўстойлівае развіццё”, – каментуе Ганна Чыстасердава, арт-дырэктарка і сузаснавальніца галерэі.

А тым часам у двары ідзе кірмаш.

“У нас зараз мэта – дапамагчы школам вырасціць арганічную прадукцыю, каб дзеці атрымалі здаровую ежу і ў перспектыве атрымалі даход”, – прэзентуе нам з-за прылаўка Вольга Шпігановіч сумесны праект “Беларускага зялёнага крыжа” і фермерскай гаспадаркі “Гаспадар-дабрадзей”

У нас за спіной не спыняецца рух

Праблема з гарадской мабільнасцю адчуваецца востра: фонам для фота служыць грузавік прыкладна на 3 тоны, а між ім і кірмашом раз-пораз распіхваюць людзей легкавыя аўто. Іх памер, вага і магутнасць рухавікоў не дазваляюць ім быць незаўважнымі.

Вельмі прыязны сабака па мянушцы Сабака канчаткова дурэе ад цёплага сонца, каштуе яблыкі і імкнецца прэч адгэтуль.

Вакол прадаюць смачныя пірожаныя з паліўкай.

Ну вельмі смачныя!

На “ура” разышліся маліны. “Гэты стаканчык ужо прададзены, я яго вартую”, – паказвае на апошні гандляр Канстанцін Чыкалаў.

Між арганічнай ежы прадаюць гарбату і зёлкі, мёд, натуральнае мыла і керамічны рукаробны посуд, пояць гарбатай.

“Добрая, добрая гарбата. Нармальна я не п’ю гарбату, толькі калі хворы. Звычайна каву. Але ў вандроўцы гэта не праблема, – кажа сталы дзядзька. Яго завуць Дэвід і ён са штата Тэхас. – Я прыехаў у Беларусь на пяць дзён. А заўтра палячу ў Туркменістан”.

Тым часам у галерэі распавялі аб тым, як вырасціць ежу ў горадзе самастойна і як знасці ядомыя дзікія расліны. Гурманам прапанавалі пакаштаваць салату, у якой у тым ліку былі пялёсткі ружы і лебяда.

Апошняя лекцыя прысвечаная яблыкам і іх гатункам, новым і старым. Тут жа быў матэрыял для вывучэння і дэгустацыі. Арганізатары і аднадумцы заслужылі свой адпачынак.

А жывёлы і дзеці не ведаюць стомы.

Дзеці ў выяўна лепшым становішчы: іх адпускаюць есці, бегчы на задні двор, скакаць у класікі і маляваць.

Фэст з’явіўся невыпадкова – лічыць Максім Жбанкоў, культуролаг і ўдзельнік грамадзянскай ініцыятывы па вырабе джэмаў “Тры моркаўкі”.

Гэта адказ на недахопы гарадскога існавання, – кажа ён. – Мы не ведаем, што набываем у супермаркетах і адкуль яно ўзялося. А нам патрэбная арганічная кампенсацыя забруджанага гарадскога асяродку.

Ці карысныя гэтыя прадукты? Не ведаю. Але гэта прыгожа і смачна. Я гляджу ў твар таму, хто вырабіў – можа паўстаць магія, і я набуду, бо ёсць чалавечы кантакт.

Усё тое, што мы завем экалагічным – гэта перадусім спробы новай сацыяльнасці, новага стаўлення да прыватных ініцыятываў і лакальных малых справаў.

Можна чакаць 30 год чарговай рэвалюцыі, а можна вырабіць прадукт і частаваць людзей. Мы зараз таксама гэтым займаемся. Жонка мая вырабляе сочыва: цыбулёвы мармелад, пярцовыя і таматныя джэмы.

Тое, што тут  адбываецца, і ёсць універсальнае чалавечае свята. Тут адбываецца ціхая экалагічная эвалюцыя: нашая свядомасць развіваецца ў экалагічным накірунку, і апынаецца, што можна быць шчаслівым незалежна ад улады, датацый і краўндфаўндынгу”.

Тэкст и фота: Зялёны Партал

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *