Знаёмцеся: экафермеры

Усе мы хочам купляць экалагічныя, якасныя прадукты харчавання. На пытанне, дзе іх знайсці, людзі часцей за ўсё адказваюць, што трэба вырошчваць самім.

У нашым грамадстве нават склаўся стэрэатып, што гародніна на ўласным прысядзібным участку — без “хіміі”, экалагічна чыстая. Але ці так гэта на самай справе? Пры больш дэталёвым разглядзе часцей за ўсё атрымліваецца, што садоўнікі ды агароднікі-аматары выкарыстоўваюць даволі шмат хімічных сродкаў абароны раслін, мінеральных угнаенняў. У гіпермаркетах (не кажучы пра невялікія крамы) таксама арганічнай прадукцыі не знайсці. Дык дзе ж купіць чыстыя прадукты ў Беларусі? На гэтае пытанне даюць адказы супрацоўнікі экалагічнай установы “Агра-Эка-Культура” і самі фермеры з розных куткоў краіны, якія займаюцца арганічнымі прадуктамі.

Уласна для таго, каб пазнаёміць спажыўцоў з пастаўшчыкамі такой прадукцыі, а фермерам — знайсці дадатковыя рынкі збыту, нядаўна ў Мінску прайшоў кірмаш экалагічнай і арганічнай ежы. Арганізатарам выступіла ЭУ “Агра-Эка-Культура” пры падтрымцы “Coalition Clean Baltic”.

На кірмашы ўсе жадаючыя маглі набыць экалагічна чыстыя зеляніну, гародніну, ягады, мёд, крупы, малочныя прадукты і яйкі. Вядома, калі штосьці падабалася, дамаўляліся пра пастаўкі, абменьваліся кантактамі (многія фермеры рэгулярна прывозяць у Мінск свае прадукты некалькі разоў на месяц). А супрацоўнікі “Агра-Эка-Культуры” адказвалі на пытанні спажыўцоў, як правільна выбіраць арганічную прадукцыю; якія пытанні трэба задаваць прадаўцу на рынку, каб даведацца, як часта яго тавар падвяргаўся апрацоўцы.

Усіх вытворцаў на кірмашы аб’ядноўваюць арганічныя прынцыпы вырошчвання прадуктаў. Гэта значыць — без прымянення ядахімікатаў, штучных мінеральных угнаенняў, з выкарыстаннем тэхналогій арганічнай гаспадаркі, без шкоды прыродзе і з гарантыяй карысці для здароўя спажыўцоў. Тым не менш, пры ўсіх відавочных плюсах такой прадукцыі арганічны рынак у нашай краіне развіты слаба.

— Пры продажы арганічных прадуктаў узнікае шэраг праблем, — кажа старшыня праўлення ЭУ “Агра-Эка-Культура”, кандыдат сельскагаспадарчых навук Лана Семенас. — Фермеры не ведаюць, дзе прадаць, а спажыўцы не ведаюць, дзе набыць такія прадукты. Таму мы вырашылі арганізаваць серыю кірмашоў у цэнтры сталіцы, дзе вытворцы і спажыўцы змаглі сустрэцца. Частка фермераў мае сертыфікат, дзе ўказана, калі і якая арганізацыя іх праверыла і якая прадукцыя сертыфікавана. Таксама мы запрасілі дробных вытворцаў з невялікіх гаспадарак, якія пакуль не маюць сертыфікатаў. Але мы іх добра ведаем і можам гарантаваць, што яны карыстаюцца арганічнымі тэхналогіямі і не ўжываюць пестыцыды і мінеральныя ўгнаенні.

На бягучы год дырэкцыяй установы запланаваны тры такія кірмашы. Арганізатары спадзяюцца, што гэта толькі пачатак, і арганічны гандаль стане добрай традыцыяй для беларусаў. Дарэчы, такія кірмашы праходзяць у многіх еўрапейскіх гарадах штомесяц. Гэта дазваляе людзям набыць якасную прадукцыю, не выязджаючы далёка, і падтрымаць фермераў у іх працы на карысць людзям і прыродзе.

У параўнанні з Еўропай мы робім толькі першыя крокі ў развіцці вытворчасці і збыту арганічнай прадукцыі. Напрыклад, у суседніх Латвіі і Літве на сёння існуе некалькі тысяч гаспадарак, занятых арганічным земляробствам. У нас іх усяго 25. Гэта звязана не толькі з тым, што ў Беларусі заканадаўства аб арганічнай сельскай гаспадарцы яшчэ распрацоўваецца, але і з тым, што развіццё малога бізнесу, у тым ліку і фермерскіх гаспадарак, стрымліваецца малой даступнасцю знешняга крэдытавання. Ды і саміх фермераў пакуль мала. Паводле звестак Мінсельгасхарчу, дзяржаўную падтрымку ў форме льготнага крэдытавання ў 2017 годзе атрымалі толькі 5% фермераў. Гэтая ж праблема актуальная і для арганічных фермераў, у якіх узнікаюць цяжкасці ў збыце прадукцыі (гандлёвыя сеткі скардзяцца на нерэгулярнасць паставак, адсутнасць якаснай упакоўкі). У фермераў — вытворцаў экалагічна чыстых прадуктаў складанасці з-за высокіх выдаткаў доступу на рынак. Яны выкарыстоўваюць дарагія тэхналогіі вядзення арганічнага земляробства і абсталяванне, акрамя таго, праходзяць абавязковую сертыфікацыю, якая таксама каштуе нятанна.

У такой сітуацыі арганічным фермерам патрэбны прэферэнцыі. Неабходна распрацаваць і ўкараніць льготы для людзей, якія, вырабляючы карысную прадукцыю, захоўваюць глебу, ваду. На думку многіх грамадскіх арганізацый, неарганічныя фермеры павінны плаціць экалагічны падатак за забруджванне навакольнага асяроддзя, а гэтыя сродкі трэба накіроўваць на развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі. Арганічныя фермеры не павінны працаваць на тых жа ўмовах, што і іншыя. Але пакуль распрацаваны толькі рамачны закон аб арганічнай сельскай гаспадарцы, а праца над падзаконнымі актамі, якія і павінны рэгуляваць гэтыя пытанні, яшчэ не скончана.

Сапраўды, праблем у развіцці арганічнага бізнесу пакуль шмат, але попыт на прадукцыю ёсць. Грамадскае аб’яднанне “Экадом” праводзіла апытанне, вынікі якога паказалі, што людзі хочуць купляць у звычайных крамах арганічныя прадукты ў спецыяльным аддзеле ці набываць у спецыялізаваных крамах. Таксама рэспандэнты адзначылі важнасць дастаўкі і крокавую даступнасць пункту продажу.

Цікавасць да чыстай прадукцыі павялічваецца, арганічных фермераў паступова становіцца больш. Таму будзем спадзявацца, што на палічках крамаў праз некаторы час з’явяцца сапраўдныя экалагічныя прадукты.

Паводле даных Цэнтра экалагічных рашэнняў, на пачатак гэтага года ў нашай краіне дзейнічалі або знаходзіліся ў працэсе сертыфікацыі 25 вытворцаў арганічнай прадукцыі. З іх 17 займаюцца арганічнай сельскай гаспадаркай з агульнай плошчай сертыфікаваных зямель 1655,64 га. Такім чынам, толькі 0,6% фермерскіх гаспадарак займаюцца арганічным земляробствам, а іх землі складаюць 0,9% ад плошчы ўсіх зямель фермерскіх гаспадарак.

Асноўнымі прадуктамі, якія вырабляюць арганічныя фермеры, з’яўляюцца збожжавыя і гародніна. На жывёлагадоўлі спецыялізуюцца толькі 4 гаспадаркі. Акрамя таго, дзейнічаюць 6 сертыфікаваных прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю і экспартам арганічных прадуктаў лясной гаспадаркі — бярозавага соку, лекавых траў, ягад.

Вольга ПРАЛЮК, Родная Прырода №7

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *