Арганічная канферэнцыя: ТОП-4 дакладаў і вынікі за 2013 год

Экасістэмы, падобныя да прыродных – так бачаць будучыню прыхільнікі арганічнай сельскай гаспадаркі.

Пра другую канферэнцыю па тэме і стан рэчаў у Беларусі распавядае Лана Семенас, праграмны каардынатар установы “Агра-Эка-Культура”.

Арганічная гаспадарка – агульная мэта дзяржавы і НДА

Арганічная сельская гаспадарка зараз развіваецца невялікімі крокамі, але ў правільным кірунку – так лічыць Лана. Канферэнцыя па ёй у гэтым годзе ўжо другая па ліку. Яна будзе буйней за мінулагоднюю і больш шырокая па тэматыцы. Беларусь не наперадзе, але і ў іншых краінах таксама пачыналі справу асобныя энтузіясты. Сёння можна сказаць, што мы прагрэсуем.

– На мапах па развітасці Беларусь – белая пляміна. Але зараз гэта не зусім правільная інфармацыя: частка гаспадарак у той ці іншай ступені карыстае метады і ёсць 8 сертыфікаваных фермерскіх гаспадарак, – кажа Лана.

Чаму толькі восем? Магчыма, таму што сертыфікацыя каштуе хоць і пад’ёмна, але не капейкі – у сярэднім 500-800 еўра, залежыць ад плошчы. Ды й экспертаў сваіх у Беларусі няма, запрашаюць украінскіх. Насамрэч арганічных земляў нашмат больш, чым па афіцыйнай статыстыцы – не ўсе гаспадаркі сертыфікуюцца, ды й не ўсе карыстаюць метады арганічнага гаспадарання цалкам. Лана:

– Беларусь адрозніваецца тым, што мы далей за ўсіх. Але з нейкага боку гэта і добра: мы можам прайсці гэтыя шляхі можа і хутчэй, і эфектыўней, калi ўлiчываць досвед іншых краiн.

Паводле Ланы, нягледзячы на тое, што дзяржава не зусім прызвычаілася супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыяі, сітуацыя наладжваецца. Мінулая канферэнцыя паказала, што розныя погляды можна прывесці да аднаго лічніка:

– Я лічу, што гэтая супраца надалей будзе таксама развівацца – мэта у нас адна.

Хто рухае арганічную гаспадарку?

Для развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі патрэбная супраца ўсіх: грамадскасці і спажыўцоў, дзяржавы, фермераў і аграномаў.

Спажыўцы уплываюць праз свой выбар у краме ці на рынку. На арганічных прадуктах ёсць маркіроўка – лісток з зорачкай. Нават адзін з васьмі сертыфікаваных фермераў гандлюе на Камароўскім рынку, а іншым можна рабіць замовы. Увогуле адныяз прыкмет здаровага прадукта – гэта малая колькасць складнікаў і пажадана без дадатка Е.

Арганічная сельская гаспадарка – гэта не проста не ўносіць ядахімікаты, ёй таксама трэба вучыцца. На жаль, фермеры і аграномы не заўсёды згодныя, яны не разумеюць, што арганічная тэхналогія – гэта іншая метады гаспадарання, не толькі адмова ад пестыцыдаў і штучных угнаенняў.

З боку дзяржавы таксама ёсць над чым працаваць: некаторыя законныя акты вельмі замінаюць СПК: падчас пераходу на арганічныя тэхналогіі зніжаецца вытворнасць, а паказнікі валу і ўраджайнасці застаюцца нязменнымі. Да таго ж на некалькі год змяньшаюцца прыбыткі.

– Ці атрымаецца справіцца з адміністратыўнымі перашкодамі, вельмі залежыць ад кіраўніцтва галіны і краіны. Высокая ўраджайнасць – не галоўная мэта арганічнай вытворчасці. Не максімума мы хочам дасягнуць, а оптымума, суадносін між укладам, атрыманнем ураджая і станам навакольнага асяродку, – зазначае Лана.

ТОП-4 блізкіх беларусам дакладаў

1. Якуб Скарупскі, расповед пра буйныя жывёлагадоўчыя фермы, Польшча.

“Інтэнсіўныя і арганічныя метады вядзення жывёлагадоўлі: уплыў жывёлагадоўчых комплексаў на водныя экасістэмы на прыкладзе Балтыйскага мора і шляхі рашэння праблемы”. Лана:

– У нас вельмі шмат такіх фермаў, і гэта стварае праблему: вялікая колькасць жывёл на невялікай плошчы, і навоз, які агулам патрэбны ў сельскай гаспадарцы і з’яўляецца добрым угнаеннем, ніхто не возіць за 200 – 300 кіламетраў – нерэнтабельна. Ён накопліваецца і забруджвае паветра, ваду і глебу.

2. Сяргей Галашэўскі, “Арганік стандарт”, Украіна. Пра сертыфікацыю.

“Арганічная вытворчасць: яе азначэнне, сертыфікацыя і ідэнтыфікацыя”: пра заканадаўства і закон, які ў гэтым годзе быў прыняты там. “Арганік стандарт” сертыфікуе беларусаў.

3. Эмілія Каламіец, пра арганічныя біятэхналогіі, Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі.

“Асноўныя падыходы да равзіцця біятэхналогіі і арганічнай сельскай гаспадаркі”. Лана:

– Інстытут у першых шэрагах навукі, якая працуе для арганічнай сельскай гаспадаркі. У іх актывах распрацоўкі, сумесныя з Інстытутам аховы раслін, заснаваныя на мікраарганізмах. Бяспечныя, але эфектыўныя.

4. Сяргей Лучанок, пра экаагратурызм, Беларусь

Адзін з фермераў, які сертыфікуецца, распавядзе пра развіццё агратурызму і пра тое, што ён немагчымы без арганічнай сельскай гаспадаркі. Святлана:

– Эка – гэта не проста калі лес побач. Гэта калі ўся мініэкасістэма сельскай гаспадаркі будзе жыць па законах прыроды, а не шкодзіць ёй.

Крыніца навіны

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *