Сельскагаспадарчая навука ў Беларусі

Даследаванні ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі не разглядаюцца ў якасці прыярытэтных, хаця ў навуковых праграмах сустракаюцца тэрміны “экалагізацыя”, “экалагічны” і пад. На жаль, гэта не паказчык правядзення даследаванняў у галіне экалагічнай сельскай гаспадаркі.

Напрыклад, сустракаецца тэрмін “экалагічныя пестыцыды”, калі размова ідзе пра ядахімікаты. Аднак сярод напрамкаў навуковых распрацовак сустракаюцца практычныя распрацоўкі, якія могуць быць выкарыстаныя ў экалагічных гаспадарках, напрыклад, распрацоўкі біялагічных метадаў абароны раслін (Інстытут аховы раслін, Інстытут агародніцтва).

Вядучымі навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі ў галіне экалагічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі з’яўляюцца Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) і, у першую чаргу, Гродзенскі дзяржаўны аграрны універсітэт. Ва ўніверсітэце існуе кафедра энтамалогіі і экалагічнай абароны раслін, распрацаваныя метадычныя рэкамендацыі “Нормы і правілы экалагічнага земляробства”, студэнтам агранамічнага факультэта чытаецца курс “Вытворчасць экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі”, студэнты праходзяць практыку ў экалагічных гаспадарках краін Еўропы.

У БДСГА існуе аграэкалагічны факультэт і спецыяльнасць “Экалагічная сельская гаспадарка”, адчынілася магістратура па гэтай спецыяльнасці. Студэнты вывучаюць біялагічную абарону раслін. Сярод кірункаў навуковых даследаванняў – вывучэнне новых форм угнаенняў, у тым ліку арганічных, бактэрыяльных прэпаратаў, што дазваляюць знізіць энергазатраты, антрапагенную нагрузку на навакольнае асяроддзе і атрымліваць экалагічна чыстую прадукцыю; распрацоўка дзеля атрымання экалагічна чыстай прадукцыі энергазберагальных і прыродаахоўных сістэм абароны сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля. Аднак пераважная большасць навуковых распрацовак і публікацый прысвечаная інтэнсіўным спосабам вытворчасці аграпрадукцыі.

Пры ацэнцы якасці навуковых даследаванняў ужываюць паказчык “экалагічнасці” вынікаў навуковых даследаванняў, г.зн. зніжэння негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Адсутнічае цэласны падыход да экалагічнай сельскай гаспадаркі, яна разглядаецца не як сістэма, а як набор методык.

У публікацыях вядучых беларускіх вучоных у спецыялізаванай прэсе часта сустракаюцца дэкларацыі аб неабходнасці “экалагізацыі” сельскай гаспадаркі, аб выкарыстанні “экалагічных” метадаў. Аднак размова ідзе не пра экалагічную сельскую гаспадарку, а пра спробы палепшыць наяўную сельскагаспадарчую практыку, зменшыць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Гэта, безумоўна, станоўчая тэндэнцыя, хаця ствараецца ўражанне, што гэта фармальная экалагізацыя, якая застаецца толькі на паперы.

Часта сцвярджаецца, што для таварнай вытворчасці немагчыма прытрымлівацца ўсіх патрабаванняў экалагічнага гаспадарання, зрэшты, гэтае сцвярджэнне не суправаджаецца ніякімі сур’ёзнымі аргументамі, акрамя лічбаў па аб’ёмах вытворчасці экалагічнай прадукцыі ў свеце (ад 1 да 10%).

У прыватнасці, у адным з артыкулаў адзначаецца, што экалагізацыя агравытворчасці ў Беларусі мае добрыя перспектывы і перавагі ў параўнанні з далейшай інтэнсіфікацыяй з прычыны параўнальна нізкай шчыльнасці насельніцтва і лепшай забяспечанасці сельскагаспадарчымі землямі на душу насельніцтва ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі. У процівагу адміністратыўным метадам кіравання прапануецца дыферэнцаваны аграэкалагічны падзел на раёны, сістэма экалагічных севазваротаў, біяаграабарона ад пустазелля і шкоднікаў. Дэкларуецца таксама, што на сённяшні дзень сельская гаспадарка працуе на чалавека ў процівагу нацэленасці на ідэю ў недалёкай мінуўшчыне. Пры разглядзе праблем сучаснай сельскай гаспадаркі аўтары ўлічваюць таксама сацыяльны фактар [1].

У распрацоўках сельскагаспадарчых навуковых устаноў прысутнічаюць элементы арганічнага земляробства, асобныя методыкі, якія могуць выкарыстоўвацца ў практыцы экалагічнага земляробства. Напрыклад, Інстытут земляробства і селекцыі НАН Беларусі для аднаўлення ўрадлівасці глеб рэкамендуе ўключэнне ў севазварот бабовых культур, заворванне саломы (затраты зніжаюцца ў 1,5 – 3 разы ў параўнанні з прымяненнем традыцыйных арганічных угнаенняў – гною і торфу). Адзначаецца, што высокая засмечанасць ворных зямель Беларусі пустазеллем (амаль на два парадкі вышэйшая, чым, напрыклад, у Германіі) з’яўляецца вынікам працяглага выкарыстання гербіцыдаў з вузкім спектрам дзеяння, адсутнасці аптымальнага севазвароту, парушэння тэхналогіі апрацоўкі глебы. У той жа час для абароны раслін рэкамендуецца спалучэнне ўзаемавыключальных метадаў: біялагічных метадаў і выкарыстанне фунгіцыдаў і інсектыцыдаў. У артыкуле “Прыярытэты айчыннага земляробства” [2] аўтары прызнаюць, што пры аптымізацыі сістэмы земляробства закупкі пестыцыдаў можна знізіць у 2 разы (с. 75-80 млн. долараў ЗША). Адзначаецца, што ёсць нявыкарыстаныя рэзервы, у тым ліку рацыянальныя севазвароты, сідэраты, фітацэнатычныя метады барацьбы з пустазеллем, мяшаныя пасевы. Аўтары ацэньваюць, што аптымізацыя аргавытворчасці дазволіць павысіць прадуктыўнасць не менш як на 30 – 35%.

У часопісе “Беларуская сельская гаспадарка” у 2005 г. быў надрукаваны артыкул Намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі В.Г.Гусакова “Аграрная экалагічная стратэгія ў Беларусі. Якой ёй быць?”, у якой дэманструецца пра экалагічны і комплексны падыход да развіцця сельскай гаспадаркі [3]. У якасці “найбольш важных і перспектыўных мерапрыемстваў у кантэксце новай аграрнай палітыкі” называюцца сярод іншых афіцыйнае ўвядзенне Дзяржаўнага Біязнака для маркіроўкі прадуктаў харчавання, стварэнне ў краіне буйных спецыялізаваных зон вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі з выкарыстаннем экстэнсіўных нізказатратных тэхналогій, удасканаленне сістэмы кіравання праз адмову ад метадаў цэнтралізаванага адміністравання і пераход на метады эканамічнага і прававога рэгулявання, забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі. Аўтар піша, што неабходна прыняць рэспубліканскую праграму “Экалагічная сельская гаспадарка”. З аднаго боку, праграма павінна вызначаць мэтазгодныя аб’ёмы вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі, з другога – попыт павінен дыктаваць аб’ёмы і якасць вытворчасці.

Публікацый, прысвечаных практычным метадам вядзення экалагічнай сельскай гаспадаркі, якая разглядаецца як сістэма, адзінкі. У першую чаргу варта адзначыць кнігу, выдадзеную Беларуска-германскім сумесным дабрачынным прадпрыемствам “Надзея-XXI стагоддзе” “Практычныя рэкамендацыі па вядзенні экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь” (Практические рекомендации по ведению экологически чистого сельского хозяйства в Республике Беларусь / сост. С.А.Тарасенко, А.В.Свиридов) [4]. У ёй даюцца рэкамендацыі па вырошчванні экалагічна чыстай прадукцыі з агародніны, сцісла апісваюцца правілы і нормы экалагічнага земляробства, а таксама вынікі дзейнасці падраздзялення вытворчасцей і паслуг “Надзея плюс” па вырошчванні экалагічна чыстай прадукцыі. Аўтары адзначаюць, што сабекошт такой прадукцыі вышэйшы за цану рэалізацыі прадукцыі, атрыманай у суседніх гаспадарках пры выкарыстанні інтэнсіўных тэхналогій, і бачаць неабходнасць у паляпшэнні агратэхнікі. Гэтае прадпрыемства – першая і пакуль адзіная таварная вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі, хаця пры яе вырабе не выконваюцца цалкам стандарты IFOAM па вырошчванні, захаванні і перапрацоўцы.

Такім чынам, у Беларусі яшчэ недастаткова навуковых даследаванняў у галіне экалагічнай сельскай гаспадаркі і няма цэласнага падыходу да яе, аднак існуе навуковы патэнцыял, здольны адаптаваць міжнародны вопыт і распрацаваць уласныя методыкі, прыстасаваныя да ўмоў нашай краіны. Пакуль што ў надта невялікай ступені, але навуковыя распрацоўкі метадаў альтэрнатыўнага земляробства, у прыватнасці, біялагічных метадаў абароны раслін, фінансуюцца і падтрымліваюцца дзяржаваю. Неабходныя даследаванні і методыкі не толькі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, але і ў эканоміцы і іншых сумежных галінах.

Спасылкі:

    • Самсонов В.П. Реальнае перспективы развития АПК в Беларуси // Белорусское сельское хозяйство. – 2004. – №11. – С. 34-35.
    • Кадыров М.А., Булавин Л.А., Небышинец С.С. О приоритетах отечественного земледелия // Белорусское сельское хозяйство. – 2005. – №10. – С. 22-28.
    • Гусаков В. Г. Аграрная экологическая стратегия в Беларуси. Какой ей быть? // Белорусское сельское хозяйство: Ежемесячный научно-практический журнал. – 2005. – N10. – С.4-10.
    • Практические рекомендации по ведению экологически чистого сельского хозяйства в Республике Беларусь / сост. С.А.Тарасенко, А.В.Свиридов // Белорусско-германское совместное благотворительное предприятие “Надежда-XXI век”. – Минск, Гродно, Вилейка, 2006. – 296 с.
Падзяліцца: