Крыніцы інфармацыі

Бібліятэкі. Даследаванні праводзілі ў дзвюх бібліятэках – Сельскагаспадарчай бібліятэцы імя Лупіновіча і Нацыянальнай бібліятэцы. У абедзвюх бібліятэках вельмі мала крыніц (артыкулаў і кніг), дзе згадваецца экалагічная або арганічная сельская гаспадарка, і практычна адсутнічаюць тэкставыя дакументы, з якіх можна ўзяць практычную інфармацыю пра гэты метад. У Сельскагаспадарчай бібліятэцы пошукавая сістэма знайшла 39 крыніц, а ў Нацыянальнай бібліятэцы – 9 (снежань 2006 г.).

Прэса. У прэсе дастаткова часта з’яўляюцца артыкулы з апісаннем метадаў арганічнага земляробства, звычайна ў выданнях, прызначаных для дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў (“Талака”, “Ураджайныя соткі” і пад.). Аднак практычна адсутнічаюць артыкулы, прысвечаныя разгляду арганічнай сельскай гаспадаркі ў цэлым, як сістэмы. Неабходны шэраг публікацый, якія б інфармавалі шырокае кола чытачоў, не толькі вытворцаў, але ў першую чаргу спажыўцоў аграпрадукцыі.

У спецыялізаванай прэсе, прызначанай для фермераў і працаўнікоў калгасаў, г.зн. тых, хто працуе ў таварных агравытворчасцях, назіраецца падобная сітуацыя. Ёсць апісанне пэўных методык і агульныя словы пра неабходнасць “экалагізацыі” сельскагаспадарчай вытворчасці, аднак няма інфармацыі пра асноўныя прынцыпы, правілы і стандарты арганічнага земляробства. Экалагічная вытворчасць паказваецца як набор методык, а не як сістэма менеджменту аграэкасістэмы, якая ўключае ў сябе, акрамя ўласна вытворчасці прадуктаў харчавання і сыравіны, сацыяльную і эканамічную сферы.

Эканамічны складальнік арганічнага земляробства, бадай, самае слабае звяно. Вельмі мала навуковых прац па гэтай тэматыцы, у шмат якіх публікацыях для практыкаў агравытворчасці і для шырокага кола чытачоў у якасці аксіёмы падаецца заява пра тое, што арганічная сельская гаспадарка стратная і не можа перавышаць некалькі адсоткаў ад усяго аб’ёму агравытворчасці. Для Беларусі дастатковых статыстычных звестак няма з прычыны невялікага аб’ёму вытворчасці экапрадукцыі, але ёсць прыклады іншых краін, якія абвяргаюць гэтае сцвярджэнне. Звесткі аб такой вытворчасці ў іншых краінах паказваюць, што існуюць шматлікія прыклады рэнтабельнасці арганічнага земляробства і хуткага росту аб’ёмаў вытворчасці экалагічных прадуктаў. У некаторых выпадках іх цана не вышэйшая, а часам нават ніжэйшая за цану на прадукты, вырабленыя з выкарыстаннем інтэнсіўных тэхналогій. Супярэчлівыя звесткі аб узроўні сабекошту экапрадукцыі могуць быць звязаныя з тым, што арганічная гаспадарка (ферма) ў першыя часы пасля пераходу з інтэнсіўнай вытворчасці на арганічную патрабуе большых фінансавых укладанняў. І толькі пасля пераходнага перыяду, які можа доўжыцца ў залежнасці ад умоў да 5 гадоў, арганічная агравытворчасць можа рэалізаваць свае перавагі. Высновы пра эканамічную эфектыўнасць арганічнай сельскай гаспадаркі залежаць таксама ад методык падліку эканамічных паказчыкаў. Калі ўлічваць схаваны кошт, звязаны з захаванасцю навакольнага асяроддзя і здароўя людзей, дык агульны прыбытак гаспадаркі, якая практыкуе арганічную сельскую гаспадарку, істотна вышэйшы за прыбытак гаспадаркі, якая працуе па інтэнсіўнай тэхналогіі.

Інтэрнет з’яўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі па арганічнай сельскай гаспадарцы. Аднак беларускіх крыніц мала. Вельмі важна зрабіць агульнадаступнымі прыклады паспяховай практыкі ва ўмовах Беларусі.

Падзяліцца: