Сертыфікацыя ў арганічнай сельскай гаспадарцы адрозніваецца перш за ўсё тым, што не абмяжоўваецца кантролем канчатковага прадукта, але ўключае маніторынг зямельных участкаў і ўсяго працэсу вытворчасці.
Існуе праграма добраахвотнай міжнароднай акрэдытацыі сертыфікацыйных устаноў паводле стандартаў і крытэрыяў IFOAM (незалежна ад членства краіны ў IFOAM). Гэтая праграма дазваляе гарманізаваць базавыя патрабаванні да экалагічнай прадукцыі.
У Еўрапейскім Саюзе сістэма нагляду з’яўляецца двухузроўневай. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць акрэдытацыю праватных сертыфікацыйных устаноў і нагляд за іх дзейнасцю. Гэтыя ўстановы кантралююць фермерскія гаспадаркі і пераапрацоўчыя прадпрыемствы, а таксама імпартныя тавары. У Еўрапейскім Саюзе права выкарыстання экалагічнай маркіроўкі атрымліваюць тыя прадпрыемствы, чыя прадукцыя ўтрымлівае не менш за 95% экалагічных інгрэдыентаў, вырабленых у адпаведнасці са стандартамі. Астатнія 5% мусяць быць дапушчанымі да ўжытку інгрэдыентамі ў адпаведнасці са “Спісам дазволеных рэчываў”.
Малюнак 1. Знак экалагічнага (арганічнага) прадукта Еўрапейскага Саюза. Варыянты розных краін адрозніваюцца толькі надпісамі
Прыняцце стандартаў IFOAM і вывучэнне вопыту іншых краін дазваляе ўжо на этапе распрацоўкі нацыянальнага заканадаўства ў галіне сертыфікацыі экалагічнай сельскай гаспадаркі ўзгадніць яго з міжнароднымі нормамі і, акрамя таго, ашчаджаць рэсурсы для распрацоўкі нарматыўнай базы.
У краінах Еўрапейскага Саюза экалагічная сельская гаспадарка рэгулюецца Дырэктывамі, або Стандартамі, якія вызначаюць неабходныя патрабаванні да прадукцыі і матадаў яе вытворчасці і дазваляюць маркіраваць прадукты як “экалагічныя” (“арганічныя”, “біялагічныя”, “біяарганічныя”, “біядынамічныя”, “бія”, “эка”). Гэта – заканадаўчая база, рамачныя ўмовы, якія вызначаюць сістэму сертыфікацыі і функцыянаванне рынка экалагічнай прадукцыі.
Большасць краін, у тым ліку краіны ЕС, выкарыстоўваюць у якасці асновы для свайго заканадаўства Стандарты, распрацаваныя IFOAM. Яны ствараюць найбольш агульныя, універсальныя рамачныя ўмовы для экалагічных стандартаў ва ўсім свеце. У Еўрапейскім Саюзе дзейнічае Пастанова (ЕЭС № 2092/91) “Аб экалагічным земляробстве і адпаведнай маркіроўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання”, якая ўступіла ў дзеянне з 1 студзеня 1993 года ва ўсіх краінах-членах ЕС. У Швейцарыі, Ізраілі, Аргентыне, Аўстраліі існуюць эквіваленты гэтай пастановы. Прадукцыя іншых краін, якая экспартуецца ў Еўрапейскі Саюз, павінна быць сертыфікаваная ў адпаведнасці з патрабаваннямі Пастановы ЕС для экалагічнай вытворчасці, прадукцыя, якая экспартуецца ў ЗША – у адпаведнасці з нацыянальнай арганічнай праграмай (USDA).
У Расіі зараз існуюць толькі асобныя стандарты на прадукцыю экалагічнай сельскай гаспадаркі: СТО “Аб экалагічнай сельскай гаспадарцы, экалагічным прыродакарыстанні і адпаведнай маркіроўцы экалагічнай прадукцыі” НП “АГРАСОФІЯ” і Тэхнічны Рэгламент “Аб экалагічнай сельскай гаспадарцы, экалагічным прыродакарыстанні і адпаведнай маркіроўцы экалагічнай прадукцыі”, які знаходзіцца ў стадыі публічнага абмеркавання. Гэтыя стандарты заснаваныя на стандартаз IFOAM. Ва Украіне распрацаваныя нацыянальныя стандарты на падставе стандартаў IFOAM. У Малдове і Грузіі прынятыя законы аб экалагічнай сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адным з самых істотных перашкод на шляху развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі з’яўляецца адсутнасць сістэмы сертыфікацыі і знака, якім маркіруецца экапрадукцыя. Пакуль на дзяржаўным узроўні не робіцца ніякіх крокаў у гэтым напрамку, магчыма, трэба ўвесці асобныя стандарты (напрыклад, стандарты аднаго з экалагічных НДА, як гэта практыкуецца, напрыклад, у Грузіі), заснаваныя на стандартах IFOAM, або карыстацца паслугамі замежных сертыфікацыйных арганізацый. Неабходна інфармаваць пакупнікоў і вытворцаў пра значэнне экалагічнай маркіроўкі і, безумоўна, варта распрацаваць такі знак у нашай краіне.
Малюнак 2. Маркіроўка экалагічнай прадукцыі Асацыяцыі біялагічных гаспадарак “Элкана” (Грузія)
Зараз няма адзінага азначэння тэрмінаў “экалагічная (арганічная) сельская гаспадарка”, “экалагічна чысты прадукт” ні ў заканадаўстве, ні ў практыцы сельскай гаспадаркі, ні ў грамадскай думцы. Пра гэта сведчыць той факт, што, нягледзячы на дастаткова шырокае выкарыстанне тэрміна “экалагічна чысты прадукт” яго змест разумеецца рознымі людзьмі і прадпрыемствамі па-рознаму. Нават у навуковых публікацыях, звязаных з экалагічна чыстай гаспадаркай, тэрміны не азначаюцца або азначаюцца не ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, у прыватнасці, стандартамі IFOAM.
Таму экалагічны прадукт цяжка ідэнтыфікаваць, і змяшчэнне на этыкетцы такой назвы заканадаўча не рэгламентуецца і застаецца на сумленні вытворцы. У пэўных выпадках адбываецца падмена тэрмінаў. Часта экалагічна чыстымі прадуктамі называюць прадукты, якія ўтрымліваюць дапушчальныя канцэнтрацыі радыянуклідаў, напрыклад, у вучэбным дапаможніку “Аграэкалагічныя асновы вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі”.
Згодна з інфармацыяй, пададзенай Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання (№ 10-3/13858 ад 10.11.2006 г.) у адказ на наш запыт, распазнавальнага знака экалагічнай прадукцыі ў Беларусі няма, адсутнічае таксама сістэма дзяржаўнай сертыфікацыі гаспадарак, што вырабляюць экалагічныя прадукты харчавання, а таксама нарматыўныя прававыя акты на экалагічна чыстую прадукцыю. Пры сертыфікацыі харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання ажыццяўляецца кантроль на ўтрыманне таксічных элементаў, пестыцыдаў, мікратаксінаў, іншых шкодных рэчываў, радыянуклідаў у акрэдытаваных лабараторыях. Дапушчальныя ўзроўні ўтрымання такіх рэчываў рэгламентуюцца “Гігіенічнымі патрабаваннямі да якасці і бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання. Санітарныя правілы і нормы СанПин 11 63 РБ 98”.
У Беларусі існуе толькі экалагічны знак адпаведнасці, які ўяўляе сабой абрыс лістка цёмна-зялёнага колеру на фоне круга, выкананага ў светла-блакітным і светла-зялёным колерах. Гэты знак пацвярджае адпаведнасць маркіраванай ім прадукцыі патрабаванням прыродаахоўных нарматыўна-прававых актаў і іншым экалагічным патрабаванням згодна з Палажэннем аб экалагічнай сертыфікацыі прадукцыі і вытворчасцей у Рэспубліцы Беларусь (зацверджана загадам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1998 г. № 179/130). Знакам могуць карыстацца прадпрыемствы (арганізацыі) ўсіх форм уласнасці для маркіроўкі прадукцыі, тары і ўпакоўкі, у тым ліку харчовых прадуктаў [1].
Экалагічная сертыфікацыя неабходная для забеспячэння бяспекі жыцця, здароўя спажыўцоў і аховы навакольнага асяроддзя. Дзейная на сёння ў Беларусі сістэма сертыфікацыі прадуктаў сельскай гаспадаркі забяспечвае кантроль якасці. Але пад словам “якасць” у залежнасці ад падыходу разумеюць розныя паняцці. Стандарты экалагічнай сертыфікацыі харчовых прадуктаў, якія дзейнічаюць у нашай краіне, з’яўляюцца неабходнымі, але недастатковымі з пункту погляду нормаў экалагічнай сельскай гаспадаркі; у экалагічнай сельскай гаспадарцы сертыфікуецца не канчатковы прадукт, а ўвесь працэс яго вытворчасці. На жаль, інфармацыі па гэтым пытанні мала, і спажывец можа не бачыць адрозненняў.
Такім чынам, неабходна адрозніваць наяўны экалагічны знак адпаведнасці і знак экалагічнай прадукцыі (біяпрадукцыі). Такі знак існуе ў шмат якіх краінах, але адсутнічае ў Беларусі. На этыкетках некаторых тавараў, напрыклад, на этыкетцы пладовых кансерваў для дзіцячага харчавання, ёсць надпіс “Экалагічна чысты прадукт”, аднак гэта маркетынгавая хітрасць вытворцы, гэтым “званнем” ён узнагароджвае свой прадукт сам і не нясе за гэта аніякай адказнасці. Ніякіх абмежаванняў на выкарыстанне такой маркіроўкі няма. Для параўнання, у Расіі з 1 студзеня 2004 г. маркіроўка “экалагічна чысты прадукт” забароненая, і зараз распрацоўваюцца нарматыўныя дакументы для ўвядзення такой маркіроўкі і сістэмы сертыфікацыі.
Безумоўна, існуе неабходнасць заснавання такога знака ў Беларусі. Многія вытворцы прадуктаў харчавання хацелі б пазначаць вырабленую імі прадукцыю знакам “экалагічна чысты прадукт”, што дазволіла б ім атрымаць перавагу ў канкурэнцыі. Адзін з фермераў выказаў прапанову, каб такі знак быў заснаваны грамадскімі арганізацыямі.
У сусветнай практыцы экалагічная маркіроўка з’яўляецца інструментам экалагічнай палітыкі. Адсутнасць экалагічнай маркіроўкі ў Беларусі – гэта адсутнасць інструмента заахвочвання вытворцаў, з аднаго боку, і зніжэнне магчымасці інфармавання пакупнікоў пра ўласцівасці тавару, з другога.
Спасылкі:
1. Панкрутская Л.И. , Лопачук О.Н. Экологическая маркировка как информационный инструмент управления охраной окружающей среды и природопользованием/ Обзорная информация/ Минприроды, БелНИЦ «Экология» – Минск – 2005. – 36 с.