Апошні тэрмін падачы заявак – 15 ліпеня.
Дарагія мастакі!
Запрашаем вас да ўдзелу ў мастацкім эка-пленэры 2016, які адбудзецца 6-14 жніўня 2016 года на хутары каля заказніка “Блакітныя азёры”.
Гэта ўжо чацвёрты пленэр (выстава 2013, выстава 2014, выстава 2015), арганізаваны галерэяй сучаснага мастацтва “Ў”, ГА “Экадом” і ўстановай “Агра-Эка-Культура”. Падчас пленэраў мастакі слухаюць лекцыі ад эколагаў, размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, шукаюць сцежкі ў густых лясах, плаваюць у азёрах і ствараюць мастацтва. Вынікам стане выстава, якая пройдзе ў жніўні ў галерэі “Ў”.
Тэмай пленэру гэтага года будзе прырода гуку. Як гучыць свет вакол нас: гарады, лясы, палі, галасы людзей? Калі гук становіцца шумам, а шум забруджваннем? Мы будзем паглыбляцца ў гукі: слухаць спевы птушак, вібрацыі балот і шукаць, дзе нараджаецца рэха. Мы будзем слухаць свет.
Куратары праекта: Ірына Сухій, Лана Семенас, Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Сафія Садоўская.
Апошні тэрмін падачы заявак – 15 ліпеня 2016 года.
Заяўку дасылайце на info@ygallery.by з пазнакай АКФ, усе заяўкі будуць разгледжаны куратарамі праекта. Выніковы спіс удзельнікаў пленэра будзе аб’яўлены 20 ліпеня.