Усё арганічна і даступна. У Мінску прайшоў першы кірмаш экалагічнай ежы. Плануецца яшчэ два

Пахам свежай зелянушкі, што спалучаецца з водарам мёду і сакавітай клубнікі — так сустракаў пакупнікоў першы арганічны кірмаш, арганізаваны Агракультурай у Мінску.

Вуліцы сталіцы, што знаходзяцца па-за зонай правядзення Еўрапейскіх гульняў, нязвыкла пустыя і ціхія ў суботу. І ўсё ж закрытыя магістралі не перашкода дабрацца да пляцоўкі “Пясочніца”, дзе на паўдні сабраліся фермеры і прадстаўнікі арганічнай сельскай гаспадаркі, каб спаткацца з пакупнікамі.

“У Беларусі дзве праблемы: першая – у фермераў, як прадаць свае арганічныя прадукты; другая – у спажыўцоў, якія не ведаюць, дзе купіць. Мы вырашылі сабраць іх на маркеце”, — тлумачыць Лана Семенас, кандыдатка сельскагаспадарчых навук, экспертка па арганічным земляробстве, кіраўніца ўстановы “АграЭкаКультура”.

У заходніх краінах правядзення падобным кірмашоў — звыклая практыка, калі на цэнтральных плошчах гарадоў разварочваюцца гандлёвыя кропкі з разнастайнымі натуральнымі і экалагічнымі таварамі. А аматары спажываць арганічнае дакладна ведаюць час і месца сустрэчы.

Беларусь жа толькі зрабіла першы крок у гэтым накірунку, але, як спадзяюцца арганізатары, маркеты стануць пастаяннымі. Ва ўсякім выпадку, на лета запланавана яшчэ два кірмашы.

Яйкі, мёд, сыр з казінага малака, разнастайная зеляніна і гародніна і ўсё ж самым папулярным таварам на маркеце, безумоўна, была клубніка, што ў літаральным сэнсе таіла ў роце, расцякаючыся па арганізме салодкай асалодай. Аднак прапановы асартыменту арганічных фермераў сёння могуць задаволіць базавыя гастранамічныя патрэбы пакупнікоў.

“Зараз на самой справе пачатак сезону. Ёсць фермеры, што вырошчваюць іншую гародніну, але яна пакуль не падышла. Ёсць тыя, хто гандлюе мясной прадукцыяй. Ды й кожны з нас можа паўплываць на пашырэнне асартыменту тым, што будзе цікавіцца рознымі прадуктамі і ствараць попыт сваімі замовамі, нават на рэдкія тавары. І чым большым будзе інтарэс і падтрымка арганічных фермераў, тым меншы кошт”, — падкрэслівае Лана Семенас.

І не трэба пужацца цаны, арганічныя прадукты сапраўды даражэй за рыначныя ці масмаркетаўскія, але маюць шэраг пераваг.

“Гэта грошы, якія можна зэканоміць у далейшым на паходах у аптэку і набыцці лекаў. Арганічная сельская гаспадарка працуе для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Бо здароўе залежыць ад таго, што мы ядзім і ў якім наваколлі жывем. Таму на самой справе арганічныя прадукты па факце таннейшыя, — зазначае Лана Семенас. — Было б больш справядліва, каб неарганічныя фермеры выплочвалі экалагічны падатак, бо праз тое, як яны вядуць сваю гаспадарку — мы нясем велізарныя страты”.

Варта памятаць і пра экалагічны след, а таксама плюсы спажывання лакальных прадуктаў — у гэтым плане мясцовыя арганічныя прадукты прайграюць хіба што толькі тым, што вырасціў сваімі рукамі. Але ці многія з нас гатовы пайсці на такую авантуру?

Як зазначаюць арганізатары, на маркеце не абавязкова штосьці набываць, можна прыходзіць і знаёміцца з фермерамі, усталёўваць асабістыя кантакты і дамаўляцца на індывідуальныя пастаўкі.

Асабліва актуальным такі падыход можа быць для харчовага бізнасу. І самае галоўнае, відавочна ўзаемавыгода для абодвух бакоў — бо натуральнасць будзе не проста маркетынгавым ходам, а фермеры стануць упэўненымі ў рэалізацыі сваёй прадукцыі.

Хрысціна Чарняўская, Зялёны партал

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *