У байнеце з’явіцца мапа экалагічных гаспадарак

Мапу стварае “Агра-Эка-Культура”.

Аматары арганічнай ежы змогуць на ёй самастойна адшукаць вытворцаў экапрадуктаў, а ўласнікі гаспадарак прапанаваць свае паслугі без пасярэднікаў.

Адкуль узнікла ідэя стварэння такой мапы, распавяла старшыня праўлення экалагічнай установы “АграЭкаКультура” Лана Семенас.

– Да нас часта звяртаюцца з пытаннямі, дзе купіць арганічныя прадукты і фермерскія прадукты без пестыцыдаў, дзе знайсці аднадумцаў і вывучыць досьвед экалагічнага гаспадарання. З іншага боку, удзельнікі нашых мерапрыемстваў хочуць знайсці спажыўцоў і карыстальнікаў сваіх паслуг. Мапа, якую мы робім – гэта інструмент, які дапаможа звязаць вытворцаў і спажыўцоў. Дадаткова такую мапу можна будзе выкарыстаць, калі плануеце падарожжа або паездку на выходныя: можна заехаць у гаспадарку і купіць прадукты або застацца на аграсядзібе.

Як бачым, было запатрабаванне на такую мапу, і нашыя сябры і партнэры з МГА “Экапраект” падказалі, як гэта можна зрабіць і параілі экспертаў-навукоўцаў, якія валодаюць методыкай стварэння мапы.

Як мапа будзе працаваць?

– Мапа будзе размешчаная на сайце www.agracultura.org, і кожны зможа ёй карыстацца. Мапа інтэрактыўная, на ёй гаспадаркі будуць пазначаныя рознымі колерамі, у залежнасці ад статусу: сертыфікаваная арганічная гаспадарка, гаспадарка ў працэсе сертыфікацыі, пермакультурная гаспадарка і г.д. Пры навядзенні курсора на гаспадарку будзе адкрывацца фота і кароткая інфармацыя, будзе таксама мажлівасць прагледзець дададзены файл з больш падрабязным тэкстам і фотаздымкамі.

Дадатковая опцыя – можна будзе дамовіцца, каб вывучыць досьвед нейкай гаспадаркі, павучыцца экалагічным або пермакультурным метадам. Досьвед збірання інфармацыі для мапы паказаў, што некаторыя не ўпэўненыя, што іх гаспадарка “заслугоўвае”, каб быць на мапе.

Мы запрашаем усіх, хто выкарыстоўвае экалагічныя, пермакультурныя або арганічныя метады, нават калі іншыя метады нельга назваць такімі. Напрыклад, калі дом на ўчастку звычайны, не экалагічны, але гаспадары карыстаюцца эка-метадамі абыходжання са смеццем і адкідамі, адмовіліся ад пестыцыдаў і штучных мінеральных угнаенняў на агародзе і ў садзе – гэтага дастаткова, каб быць на нашай мапе.

Крыніца навіны “Зялёны Партал Гродзеншчыны”

Падзяліцца:

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *