24 кастрычніка 2009 года было праведзена заключнае мерапрыемства конкурсу “Сельская гаспадарка ў гармоніі з Прыродай”. Вытворцы сельгаспрадукцыі, чые гаспадаркі адпавядаюць крытэрам конкурсу, атрымалі дыпломы і Знакі, якімі маюць права карыстацца на працягу 2009 і 2010 гадоў.
Заключнае мерапрыемства адбылося падчас фэсту арганічнай сельскай гаспадаркі, які праходзіў паралельна з мерапрыемствам “Засеўкі -2009”, на базе агратурыстычнага комплексу “Вадаліў” у Смалевіцкім раёне. Арганізатарамі фэсту былі “Цэнтр экалагічных рашэнняў” і ГА “Экадом”.
Пераможцамі конкурсу ў 2009 сталі 13 удзельнікаў:
Алег Адамчук (прысядзібная гаспадарка, Брэсцкі р-н)
Святлана Андруховіч (Смалявіцкі р-н, агратурыстычная гаспадарка),
Таццяна Ясько (ОССП “Першамайскі” РУП БЕЛАЗ, загадчыца агратурыстычнага комплексу “Выгода”
Аляксандр Зялюткін (прысядзібная гаспадарка, Валожынскі р-н)
Сяргей Лучанок (фермерская гаспадарка, Смалевіцкі р-н)
Юры Шпілеўскі (фермерская гаспадарка, Гомельская вобл.),
Вольга Шчыглінская (прысядзібная гаспадарка, пас. Сосны Менскага р-на)
Міхаіл Шах (прысядзібная гаспадарка, Менская вобл.),
Уладзімір Іванковіч (фермерская гаспадарка, Віцебская вобл.),
Іван Шугай (фермерская гаспадарка, Брэсцкая вобл.)
Дзевяць з іх — пераможцы мінулага года, якія захавалі высокі ўзровень сваёй гаспадаркі.
Дадаткова дыпломы прысуджаныя Але Вайцеховіч (Грамадскае аб’яднанне “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”) за дзейнасць па арганічнай сельскай гаспадарцы і Валянціну Чарапку, дырэктару філіяла “Падпадзяленне па вытворчасці тавараў і паслуг “Надзея плюс” БГСП “Надзея – ХХI стагоддзе”.
Майстар-клас па прыгатаванні баршчу з арганічнай гародніны праводзіць Вольга Шчыглінская
Падчас імпрэзы былі прадстаўленыя прэзентацыі па арганічнай сельскай гаспадарцы, пермакультуры, у тым ліку госці пазнаеміліся з пермакультурным праектам агратурыстычнага комплексу. Удзельнікі маглі пачаставацца арганічнымі прадуктамі – замежнымі і беларускімі, узяць у падарунак аранічную бульбу і выданні па арганічнай сельскай гаспадарцы. Пасля інфармацыйнай часткі адбыўся канцэрт гурту “Кумалёнтрэ” і майстар-клас па прыгатаванню арганічных шашлыкоў і ўкраінскага баршчу з беларускіх арганічных прадуктаў. “Вынікамі” майстар-класаў пачаставаліся ўсе ўдзельнікі фэсту.
Грае гурт Кумалёнтрэ
Вялікую падзяку выказваюць арганизатары мерапрыемства валанцёрам з Універсітэту імя Сахарава.