З аднаго боку, мы пакараем прыроду, з іншага – яна нам не вельмі і падпарадкоўваецца. Памідоры і суніцы мы можам набываць круглы год, але на смак яны падобныя да ваты. Мы можам пераўтварыць любы ландшафт, але чамусьці пасля гэтага ён ператвараецца ў пустыню, а ядахімікаты, якія павінны былі знішчыць усіх шкоднікаў, знішчаюць заадно і саміх зборшчыкаў ураджаю. Калі экалагічна свядомы лад жыцця для цябе ўжо штодзённы, то самы час пераходзіць на наступны ўзровень. Распавядаем, што такое пермакультура і чаму галоўныя навыкі пермакультурнага садоўніка – лянота, назіранне і разважанне. Дарэчы, гэта можна прымяніць не толькі для агарода!
З чаго ўсё пачалося?
Усё пачалося з Біла Молісана. Маладосць ён правёў у роднай маленькай вёсцы ў Тасманіі, паспеўшы папрацаваць лесніком, млынаром і паляўнічым, а потым працаваў біёлагам у розных кутках Аўстраліі і выкладаў у Тасманійскім універсітэце.
Тое, што ён назіраў падчас сваёй працы, яму зусім не падабалася: знікалі лясы, рыбы і водарасці ля ўзбярэжжа, ураджаі падалі, нягледзячы на хімічныя рэчывы. У пагоні за звышураджайнасцю чалавек падышоў да мяжы тых рэсурсаў, якія здаваліся яму невычэрпнымі. Біл Молісан задумаўся, чаму існуючыя сістэмы знясільваюць зямлю – у той час як традыцыйныя культуры па ўсім свеце доўгі час існуюць на адным і тым жа ўчастку, не знясільваючы яго.
Біл Молісан і яго паплечнік Дэвід Холмгрэн вырашылі вывучыць, як дзейнічаюць традыцыйныя культуры, і прымяніць гэта на практыцы. З гэтага абагульненага вопыту з’явілася канцэпцыя пермакультуры – пастаяннага земляробства, перманентнай агракультуры (permanent agriculture), сістэмы дызайну на аснове экалагічна мэтазгодных мадэляў.
Ужо потым, у 1990-я, стаў вядомы Зэп Хольцэр – у Расіі ў асноўным ведаюць менавіта яго пермакультуру.
Адрозненні паміж ім і Білам Молісанам – прыкладна як паміж тэрапеўтам і хірургам. Зэп Хольцэр – хірург, ён сам стварае ландшафт, які яму патрэбны. У Беларусі сярод тых, хто прытрымліваецца прынцыпаў пермакультуры, большасць прыхільнікаў Біла Молісана.
Ірына Сухій, тады старшыня грамадскага аб’яднання «Экадом», у 1994 годзе была на яго семінары і прывезла гэтую ідэю ў Беларусь. Пасля «Экадом» праводзіў семінары для тых, хто хоча навучыцца пермакультурнаму дызайну, і стварыў каманду пермакультурных дызайнераў і трэнераў. Ніжэй – пра пермакультуру Біла Молісана.
Што такое пермакультура?
Як растлумачыць, што такое джаз? Адзін музыка адказаў: «Джаз – гэта тое, пра што ўсе ведаюць, што гэта джаз». Тое ж самае з пермакультурай. Гэта падыход, які мае сваю цэласнасць. Пермакультура разглядае не толькі элементы, але і сувязі паміж імі, усю сістэму ў цэлым. Немагчыма стварыць паказальны ўчастак з пермакультурнай градкай. Гэта супрацьлегласць пермакультуры: узяць які-небудзь элемент, змясціць яго ў пустую прастору і сказаць, што гэта пермакультура. Гэта сістэмны падыход, і раздзяліць яго на часткі немагчыма.
Для вопытных садаводаў такі ўчастак можа выглядаць дзіўна. У прыродзе няма прамых ліній, голай глебы і монакультуры, таму ў пермакультуры няма звыклых прамых градак, запоўненых раслінамі аднаго віду. Градкі закручваюцца ў спіралі, гародніна расце ўперамешку з кветкамі, а пустазелле з ненавіснага ворага ператвараецца ў расліны, якія абараняюць глебу.
Пермакультура – гэта сістэма дызайну, якая займаецца раслінамі, жывёламі, будынкамі і інфраструктурай (сюды ўваходзяць вада, энергія і камунікацыі). Задача пермакультуры – распрацоўваць такія сістэмы, якія былі б эканамічна жыццяздольныя і мэтазгодныя з экалагічнага пункту гледжання. Гэта значыць, што яны мусяць забяспечваць самі сябе, не знясільваць і не забруджваць навакольнае асяроддзе: так яны могуць існаваць вельмі доўга.
Пермакультура ўключае ў сябе філасофію, практыку, этыку і эканоміку. Усё заснавана на здаровым сэнсе і законах прыроды: калі ты пойдзеш супраць іх і будзеш упарта саджаць цеплалюбівыя расліны ў халодным клімаце, ты толькі змарнуеш энергію і сілы. Этыка пермакультуры кажа пра каштоўнасць любога жыцця, а не толькі таго, якое карысна для чалавека.
Як выглядаюць пермаўчасткi?
Абароненая раслінамі глеба замест глыбокага ўзворвання і пастаяннай праполкі
Змешаныя пасадкі замест монакультуры
Біялагічная абарона раслін (іншыя расліны, птушкі, шкодная жамяра) замест пестыцыдаў
Выкарыстанне існуючага рэльефу і прыродных формаў замест пераробкі ўчастка і
прамалінейных градак
Выкарыстанне мясцовых устойлівых відаў і сартоў
Энергаэфектыўнае планаванне і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі
Прынцыпы пермакультурнага мышлення
Вучыцца ў прыроды
Супрацоўнічаць, а не змагацца
Мінімум намаганняў – максімум выніку
Ператвараць перашкоды ў памочнікаў
Ураджай не абмежаваны памерамі і якасцю ўчастка
Пачынаць з малога
Браць на сябе адказнасць
Інвестуй у назіранне
Спачатку трэба выдаткаваць час на назіранне і вывучэнне. Калі гэта ўчастак, назіранне мусіць доўжыцца год, каб ахапіць усе сезоны. Табе трэба зразумець, як рухаецца сонца, як растае снег, адкуль дзьме вецер. Гэта для людзей, у якіх ёсць час, але гэты час, як бы страчаны спачатку, вернецца эфектыўнасцю сістэмы. Гэта твая інвестыцыя.
Пасля аналізуй свае патрэбы і магчымасці – і старайся іх сумясціць. Важна не проста прыйсці з перакананнем, што табе нешта трэба, і паспрабаваць усё перакроіць пад гэта. Важна рабіць устойлівую сістэму. Сюды ўваходзіць і другаснае выкарыстанне рэсурсаў, і эканомія, і тое, што мы не толькі забіраем энергію, але і вяртаем.
Павольныя рашэнні
Пермакультура прызнае павольныя рашэнні. Калі дрэвы ў тваім садзе захварэлі, ты можаш апырскаць іх хімічнымі рэчывамі, а можаш наогул махнуць на іх рукой і ссекчы. Павольнае рашэнне – паглядзець, у чым карані праблемы і як яна звязана з іншымі элементамі вакол. Магчыма, для гэтага прыйдзецца нейкі час нічога не прадпрымаць і проста назіраць за тым, што адбываецца. Пасадзіць побач іншыя расліны. Прыцягнуць драпежных птушак ці насякомых. Гэтае рашэнне спрацуе не імгненна, але вынікі будуць доўгатэрміновымі.
Спіральная градка і патэрны
Візуальна ў пермакультуры ёсць свае пазнавальныя фішкі, напрыклад спіральная градка. Яна дазваляе на невялікім участку зямлі стварыць розныя зоны для розных раслін. Звычайна ўнізе знаходзіцца невялікі вадаём, а ад яго спіраллю закручваецца градка. Унізе вільготна, з аднаго боку – цень, з іншага – сонца і суха. Можна пасадзіць расліны так, каб кожнае знайшло сваё месца і расло з мінімальным умяшаннем чалавека, так што іх не трэба нават паліваць.
Яшчэ адна фішка – патэрны. Патэрны – гэта шаблоны, узоры, якія паўтараюцца. Яны могуць быць візуальнымі або слыхавымі. Уся прырода працятая імі на розных узроўнях. Самы просты прыклад – аднолькавае галінаванне рэчышча ракі, венаў чалавека, дарогі, галінак дрэва, маланкі. Гэта працэсы, у якіх ёсць нешта агульнае. Патэрны выкарыстоўваюцца пры планаванні і дызайне як гатовыя шаблоны. Гэта можа быць патэрн слімака, які кампактна аб’ядноўвае мяжы, патэрн галінавання або сеткі.
Важна, што ты робіш
Пермакультура – гэта не толькі набор інструментаў. Ёсць малаток і дрыль, але галоўнае не яны, а тое, што ты робіш з іх дапамогай. Пермакультура – гэта кіраванне працэсамі, струменямі энергіі і рэсурсамі як сістэмай. Зараз актывізуюцца рухі грамадскіх агародаў і гарадскіх садоў, падзел і перапрацоўка адкідаў, сумеснае выкарыстанне, шэрынг чаго заўгодна – ад сукенак да аўтамабіляў. Эканоміка замкнёнага цыклу (circular economy) – гэта таксама ўвасабленне пермакультурных прынцыпаў.
Дзе вучыцца пермакультуры?
Практычна ва ўсіх краінах ёсць арганізацыі, якія прапагандуюць пермакультуру: шукай тэматычныя супольнасці ў Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША. Часта да спецыялістаў па пермакультуры можна прыехаць на практыку і паглядзець, як усё ўладкавана ў іх гаспадарцы. Можна знайсці і семінары ў суседніх краінах – Украіне, Расіі і Польшчы.
У Беларусі звяртайся ў экалагічную ўстанову «Агра-Эка-Культура»: яны рэгулярна праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы для фермераў і дачнікаў і кансультуюць па запыце. Ёсць і анлайн-трэнінгі: напрыклад, шведска-брытанская зорка пермакультуры Рычард Перкінс вядзе спецыяльны курс. Старт – 12 студзеня.
Што чытаць пра пермакультуру?
Біл Молісан, «Уводзіны ў пермакультуру»
«Перманентная культура, або Ты сам дызайнер свайго жыцця»
Дзённікі пермакультурнага дызайнера
Кароткая выкладка канцэпцый і прынцыпаў пермакультуры з кнігі Дэвіда Холмгрэна «Пермакультурныя прынцыпы і шляхі за межы ўстойлівасці»
Пермакультурны дызайн Дэвіда Холмгрэна
Пермакультура Рычарда Перкінса
Тэкст і фота: 34mag.net